Тэма 3. ДЗЕЙНАСНА-ПРАЦЭСУАЛЬНЫ ХАРАКТАР КАМУНІКАТЫЎНЫХ ПАВОДЗІН
Спараджэнне маўлення – сукупнасць працэсаў пераходу ад маўленчага намеру (маўленчай інтэнцыі) да таго, што гучыць (або пісьмовага тэксту), даступнага для ўспрымання (ідэнтыфікацыі і разумення).
У сучаснай псіхалінгвістыцы працэсы спараджэння маўлення звязваюцца з дзейнасна-працэсуальным характарам маўлення. Гэта значыць, што:
1) паслядоўныя этапы спараджэння маўлення суаднесены з фазамі любой дзейнасці, прадугледжваюць арыенціроўку, планаванне, рэалізацыю плана і супастаўленне выніку з мэтай (кантроль);
2) спараджэнне маўлення ажыццяўляецца як іерархічная сістэма працэсаў, якая ўключае ў сябе ўзровень акта дзейнасці, узровень дзеянняў і ўзровень аперацый;
3) працэс спараджэння маўлення прадугледжвае абавязковую матываванасць і мэтанакіраванасць;
4) спараджэнне маўлення носіць эўрыстычны характар, г. зн. пры пастаўленай свядомай мэце моўца можа адвольна (свядома, а часцей несвядома) выбіраць аптымальны спосаб дасягнення гэтай мэты [18, с. 88].
У структуры працэсу спараджэння маўлення можна вылучыць даграматычны этап (план, задума), які задае змястоўны інварыянт выказвання.
Акт маўленчага ўзаемадзеяння паміж носьбітамі мовы – камунікатыўны акт, падчас якога носьбіты мовы вырашаюць перш за ўсё камунікатыўныя задачы, г. зн. маюць зносіны, абменьваюцца звесткамі – інфармацыяй. Нягледзячы на тое, што ў партнёраў па маўленчай камунікацыі можа ўзнікаць ўражанне, быццам ніякага абмену інфармацыяй не адбываецца, давяраць гэтаму ўражанню не варта. Маўленчае ўзаемадзеянне заўсёды арыентавана на перадачу або атрыманне інфармацыі. У ходзе вывучэння камунікатыўнага акта становіцца відавочным, што абмен інфармацыяй – адна з абавязковых умоў яго ажыццяўлення. Кампанентамі камунікатыўнага акта з’яўляюцца адрасант, адрасат, кантакт, рэферэнт, код. Адносіны паміж імі традыцыйна прадстаўляюцца наступным чынам: адрасант → кантакт → рэферэнт → код → адрасат. Звычайная структура камунікатыўнага акта апісваецца так: адрасант уступае ў кантакт з адрасатам з нагоды пэўнага рэферэнта, выкарыстоўваючы пэўны код.
Важна бачыць розніцу паміж паняццямі “маўленчы акт” і “камунікатыўны акт”. Маўленчы акт прадугледжвае акцэнт на дзеянне, а камунікатыўны акт – акцэнт на ўзаемадзеянне. Маўленчы акт звычайна вызначаецца як выказванне (маўленчае дзеянне) або сукупнасць выказванняў (маўленчых дзеянняў), якія здзяйсняюцца адным моўцам з улікам іншага. Камунікатыўны акт ёсць сукупнасць маўленчых актаў, якія здзяйсняюцца камунікантамі насустрач адзін аднаму. Такім чынам, камунікатыўны акт з’яўляецца хутчэй не маўленчым дзеяннем, а абменам маўленчымі дзеяннямі.
Любому маўленчаму дзеянню ўласцівая мэтанакіраванасць, адрасаванасць, а таксама арыентацыя на нормы маўленчых паводзін, прынятыя ў соцыуме. Маўленчыя паводзіны разумеюцца пры гэтым як сукупнасць канвенцыйных (якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з прынятымі правіламі) і неканвенцыйных (ажыццяўляюцца па ўласным жаданні) маўленчых учынкаў, якія здзяйсняюцца індывідам або групай індывідаў [16, с. 16].
У працэсе камунікацыі могуць выкарыстоўвацца інфармацыйныя і фактычныя акты.
Фатычны акт (ад англ. phatic communion ‘неістотныя ў інфармацыйным плане размовы’) – гэта акт, прызначэнне якога складаецца ва ўсталяванні або падтрыманні камунікатыўнага кантакту. Фармальна фатычныя акты ўспрымаюцца як інфармацыйныя, заснаваныя на ўзаемна прыемнай або нейтральнай тэматыцы, якія ні да чаго не абавязваюць суразмоўцаў, асноўнай іх мэтай з’яўляецца “сацыяльнае адабрэнне”. Фатычныя акты характэрныя для рытуальных зносін. Інфармацыйны акт – гэта камунікатыўны акт, прызначэнне якога заключаецца ў істотным інфармацыйным абмене.
У працэсе камунікацыі ад адрасанта да адрасата перадаецца паведамленне. Паведамленне мае значэнне і сэнс. Значэнне – гэта звязаны з канкрэтнай моўнай адзінкай у свядомасці носьбіта мовы абагульнены вобраз пэўнага прадмета або сітуацыі, факта, падзеі. Значэнне звязана з мовай, а сэнс ‒ з маўленнем.
Сэнс, паводле вызначэння Готлаба Фрэге, – гэта “спосаб прадстаўлення дэнатата ў знаку”. Гэта азначае, у прыватнасці, што знак можа мець некалькі сэнсаў пры адным дэнатаце (прадмеце, які гэтым знакам пазначаецца). Сэнс мае не толькі слова, але і сказ (паведамленне). Сэнс паведамлення можа перадавацца экспліцытна і імпліцытна.
Экспліцытны (лац. explicito ‘відавочны, выражаны’) ‒ відавочны, выражаны сэнс, які ўспрымаецца камунікантамі, зыходзячы са значэння моўных адзінак. Экспліцытная інфармацыя ўсведамляецца адрасатам як думка, дзеля выражэння якой і было выкарыстана гэтае выказванне.
Імпліцытны (лац. implicito ‘няяўны’) – няяўны, схаваны сэнс, які выводзіцца адрасатам са значэнняў моўных адзінак пад уплывам канкрэтнай сітуацыі або кантэксту зносін.
Сэнс паведамлення канстытуюе рэферэнт, прэсупазіцыі і імплікатуры.
Рэферэнт – гэта аб’ект (або аб’екты) пазамоўнай рэчаіснасці, з якім
у паведамленні суадносіцца канкрэтны моўны выраз, сказ. Адпаведна, рэферэнцыя – гэта працэс або вынік суаднесенасці слова і прадмета (прадметнага свету). З прагматычнага пункту гледжання адрозніваюць тры віды рэферэнцыі:
1) інтрадуктыўная, калі гаворка ідзе аб прадмеце, вядомым толькі адрасанту (ёсць у мяне адна ідэя);
2) ідэнтыфікацыйная, калі гаворка ідзе аб прадмеце, які вядомы ўсім удзельнікам камунікацыі (але гэта ідэя нікога не зацікавіць). Ідэнтыфікацыйная рэферэнцыя, якой у самых вядомых канцэпцыях нададзена значная ўвага, ахоплівае тры віды адносін: указальныя, іменавання, абазначэння;
3) няпэўная (рэферэнцыя няпэўнасці), калі гаворка ідзе пра невядомы прадмет (кажуць, ён мае нейкую ідэю).
Адзін і той жа тып прагматычнай рэфэрэнцыі можа быць выяўлены рознымі сродкамі:
1) указальнымі або асабовымі займеннікамі;
2) уласнымі імёнамі, якія выконваюць намінатыўныую функцыю;
3) іменнымі (субстантыўнымі) канструкцыямі, якія выконваюць дэнататыўную функцыю;
4) актуалізатарамі, якія звужаюць сферу дзеяння рэферэнцыі з цэлага класа да канкрэтнага прадмета.
Прэсупазіцыя (лац. prae ‘наперадзе, перад’ і suppositio ‘здагадка’) – гэта здагадка або разлік на тое, што частка прапанаванай інфармацыі відавочная і (або) добра вядомая адрасату. Прэсупазіцыя супрацьстаіць камунікатыўна рэлевантнаму зместу выказвання і ўваходзіць у семантыку сказа як “фонд сумесных ведаў” суразмоўцаў, як папярэдняя ўмова. Часам прэсупазіцыю вызначаюць як наяўнасць у камунікантаў папярэдніх ведаў. З прэсупазіцыяй звязана родавая з’ява – імплікатура.
Імплікатура (лац. implicatio ‘спляценне, перапляценне’) – гэта кампанент зместу выказвання, які выводзіцца адрасатам з кантэксту маўленчага акта. Імплікатура, па сутнасці, – гэта тое, што чытаецца “паміж радкоў”. Адрозненне імплікатуры ад прэсупазіцыі заключаецца ў тым, што імплікатура з’яўляецца менш стабільным семантычным кампанентам выказвання, чым прэсупазіцыя, паколькі больш залежыць ад кантэксту; імплікатура, у адрозненне ад прэсупазіцыі, неабавязковая.
Любы камунікатыўны акт пачынаецца з пэўнай мэтай, а кожны з суразмоўцаў, уступаючы ў камунікатыўны акт, мае пэўныя намеры, або інтэнцыі. Таму ў працэсе камунікацыі рэферэнт не выступае, скажам так, у чыстым выглядзе, таму што яго суправаджаюць інтэнцыі камунікантаў ‒ уяўленні, думкі, надзеі, жаданні суразмоўцаў, звязаныя з гэтым рэферэнтам. Паспяховасць зносін будзе залежаць ад таго, наколькі ўдзельнікі камунікацыі змогуць зразумець ці хаця б усвядоміць, колькі “дадатку” злучылася з рэферэнтам і як гэта паўплывала на рэферэнт.
Інтэнцыя – гэта камунікатыўны намер таго, хто гаворыць. Пад выбарам і прэзентацыяй рэферэнта ў прагматыцы разумеюць зацікаўленасць абодвух камунікантаў у зносінах у сувязі менавіта з гэтым рэферэнтам.
Інтэнцыйны аспект аналізу камунікатыўнага акта – гэта вывучэнне яго з пункту гледжання таго, якім чынам і ў якім кірунку пададзены рэферэнт у сітуацыі маўленчага ўзаемадзеяння.
Вылучаюцца тры такія напрамкі:
- Станоўчая моўная інтэнцыя заключаецца ў прадстаўленні рэферэнта са станоўчага боку і рэалізуецца ў арганізацыі актаў прапаганды, агітацыі, рэкламы; працэдурах прыцягнення, заахвочвання і інш.
- Адмоўная інтэнцыя прадстаўляе рэферэнта з адмоўнага боку і рэалізуецца ў стварэнні актаў асуджэння, крытыкі, у працэдурах адмаўлення, вымовы і да т. п.
- Нейтральная (або канструктыўная) інтэнцыя прадстаўляе рэферэнта аб’ектыўна. Канструктыўная інтэнцыя ўвасабляецца ў актах канстатацыі, дэманстрацыі прыкмет, працэдурах абмеркавання, аналізу і інш. [12, с. 20].
Паколькі камунікацыя людзей (вербальная і невербальная) носіць знакавы характар, то ў працэсе зносін людзі карыстаюцца рознымі знакавымі сістэмамі (кодамі).
Камунікатыўны код (франц. соd ‘умоўныя абазначэнні’) – гэта знакавая сістэма (або сістэмы), якія выкарыстоўваюцца ў працэсе перадачы або атрымання інфармацыі.
Ва ўмовах рэальнай камунікацыі разуменне мовы зусім не забяспечваецца веданнем і валоданнем мовай, а патрабуе ведаў пра тое, у якіх выпадках тое ці іншае выказванне будзе азначаць розныя камунікатыўныя дзеянні. Код і мова суадносяцца як родавае і відавое паняцце, дзе код ‒ родавае, а мова ‒ відавое.
У моўнай камунікацыі выкарыстоўваюцца вербальныя (уласна моўныя) і невербальныя сродкі.
Мова (як сродак кадзіравання) – гэта сістэма законаў і правілаў, з дапамогай якіх адбываецца кадзіраванне і дэкадзіраванне інфармацыі; гэта спарадкаваная сістэма знакаў і правілаў карыстання імі. Мова (або любая іншая знакавая сістэма) ‒ гэта сукупнасць маўленчых актаў, дзеянняў, якая разглядаецца ў якасці сродку данясення рэферэнта ад моўцы да адрасата.
Да невербальных сродкаў перадачы інфармацыі адносяцца:
1) мова цела;
2) паралінгвістычныя сродкі;
3) адзенне і ўпрыгожанні.
Мова цела ўключае пяць складнікаў:
- Жэсты – гэта разнастайныя рухі цела, рук або кісцей рук, якія суправаджаюць у працэсе камунікацыі маўленне чалавека і выказваюць стаўленне чалавека непасрэдна да суразмоўцы. Жэсты могуць быць адвольнымі і міжвольнымі, культурна абумоўленымі і фізіялагічнымі. Сярод іх вылучаюць:
1) ілюстратары;
2) канвенцыйныя жэсты, якія могуць быць прама перакладзены ў словы, яны ўжываюцца свядома і з’яўляюцца ўмоўнымі рухамі. Часта іх выкарыстоўваюць замест слоў, якія няёмка выказаць услых;
3) мадальныя жэсты, якія выказваюць эмацыйны стан чалавека, яго ацэнку навакольнага свету, стаўленне да прадметаў і людзей, сігналізуюць аб змене актыўнасці суб’екта ў ходзе камунікацыі;
4) жэсты, якія выкарыстоўваюцца ў розных рытуалах.
- Міміка ўяўляе сабой усе змены выразу твару чалавека, якія можна назіраць у працэсе зносін. Яна з’яўляецца найважнейшым элементам невербальнай камунікацыі.
Акулесіка – выкарыстанне руху вачэй або кантакту вачэй у працэсе камунікацыі. З дапамогай вачэй можна выказаць багатую гаму чалавечых пачуццяў і эмоцый. Напрыклад, візуальны кантакт можа пазначаць пачатак размовы, у працэсе гутаркі ён з’яўляецца знакам увагі, падтрымкі і г. д.
- Становішча цела – спосаб трымаць сябе (наша цела).
- Праксеміка – спосаб выкарыстання прасторы.
- Тактыльная камунікацыя: дотык, паляпванне і інш. Выкарыстанне тактыльных элементаў камунікацыі кажа аб узаемных адносінах, статусе, ступені дружбы паміж камунікантамі.
У ходзе маўленчай камунікацыі адбываецца кадзіраванне і дэкадзі-раванне інфармацыі. Для палягчэння гэтых працэсаў у любой мове існуюць стэрэатыпы, прызначэнне якіх заключаецца не ў адрозніванні інфармацыі, а ў яе пазнаванні.
Маўленчыя стэрэатыпы – гэта ўзнаўляльныя, такія, што пазнаюцца, маўленчыя формулы, якія сігналізуюць аб той ці іншай інфармацыі або сітуацыі зносін. Яны палягчаюць выражэнне і атрыманне інфармацыі, таму што на іх аснове ажыццяўляецца пераемнасць у пэўнай сферы моўнай культуры. Да іх адносяць:
– штампы (моўныя выразы, якія страцілі сваю вобразнасць: даць зялёную вуліцу, праходзіць чырвонай ніткай і да т. п.);
– клішэ (канцылярызмы: з мэтай далейшага ўдасканалення, разгледзець пытанне);
– агульныя месцы (рэгулярна ўзнаўляльныя філасофскія “банальнасці” тыпу ў жыцці трэба добра ўладкавацца);
– таўталагічныя дэфініцыі (азначэнне праз паўтарэнне – жыццё ёсць жыццё);
– формулы ветлівасці (дазвольце мне ад усёй душы павіншаваць вас) і прагматычныя клішэ – моўныя формулы, ужыванне якіх магчыма толькі ў пэўным камунікатыўным акце;
– банальнае цытаванне (зварот да агульнавядомых класічных і сучасных тэкстаў);
– “модныя” словы, якія некрытычна выкарыстоўваюцца, у прыватнасці ўзятыя з маўлення “куміраў”;
– стэрэатыпныя запазычанні (парадыгма, менталітэт і г. д.) [6, с. 19].
З моўным кодам звязана праблема прамых і ўскосных маўленчых актаў, праблемы якіх упершыню пачаў даследаваць амерыканскі навуковец Дж. Серль.
Прамы маўленчы акт ‒ гэта акт, у якім ілакутыўная мэта адрасанта непасрэдна выяўляецца з дапамогай спецыяльна прызначаных для гэтага моўных маркераў – ілакутыўных паказчыкаў.
Ускосны маўленчы акт – гэта акт, у якім ілакуцыя адрасанта выказана не літаральнымі сродкамі паведамлення, а павінна “вычытвацца” адрасатам з апорай на імплікатуры. Ускосныя акты даследуюцца не толькі тэорыяй камунікацыі, але і, у прыватнасці, стылістыкай, якая вывучае такія з’явы, як алюзія і намёк, гульня слоў і інш. Гэтыя моўныя сродкі разглядаліся як стылістычныя прыёмы і толькі пасля развіцця тэорыі маўленчых актаў атрымалі новае асвятленне [16, с. 32–33].
Любая мадэль як шлях пазнання ўяўляе сабой спробу адлюстраваць з’явы рэальнага свету ў паняццях абстрактнай тэорыі. Паколькі мадэль павінна адлюстроўваць пэўныя бакі арыгінала, то, натуральна, пабудова мадэляў падпарадкавана задачы найбольш дакладнага адлюстравання яго ўласцівасцей. Мадэляванне камунікацый падпарадкавана вызначэнню або паляпшэнню характарыстык аб’екта, які цікавіць даследчыка. Лаві-нападобнае развіццё інфармацыйна-камунікатыўных сістэм рознага ўзроў-ню (ад лакальнага да глабальнага) патрабуе выкарыстання метадаў мадэльнага прадстаўлення і даследавання сістэм камунікацыі і камунікацыйных працэсаў. Розныя падыходы да разгляду камунікацыі кладуцца ў аснову мадэлей, якія істотна адрозніваюцца адна ад адной.
У тэарэтычных даследаваннях камунікацыя разглядаецца альбо як дзеянне (аднабаковы працэс перадачы сігналаў без ажыццяўлення зваротнай сувязі), альбо як узаемадзеянне (двухбаковы працэс абмену інфармацыяй), альбо як камунікатыўны працэс, у якім камуніканты па чарзе і бесперапынна выступаюць у ролі крыніцы і атрымальніка інфармацыі. Гэтыя абставіны з’яўляюцца аднымі з асноўных крытэрыяў класіфікацыі мадэляў камунікацыі. Іншымі падставамі класіфікацыі, на аснове якіх будуюцца мадэлі, вылучаюцца чатыры асноўныя кампаненты камунікацыі (крыніца, паведамленне, канал, атрымальнік).
Ёсць меркаванне, што першую мадэль камунікацыі стварыў Арыстоцель. Лінейны ланцуг “прамоўца – прамова – аўдыторыя” ён разглядаў як асноўныя элементы акта камунікацыі. У найпрасцейшай мадэлі камунікацыі ў выглядзе дзеяння моўца пасылае сігнал, які прымае адрасат. Зваротная сувязь у такім выглядзе камунікацыі адсутнічае. У класічнай мадэлі камунікацыі амерыканскага палітолага Г. Ласуэла элементы камунікацыі ўключаны ў мадэль у парадку адказу на пытанне: “ХТО – паведамляе – ШТО – па якім КАНАЛЕ – КАМУ – з якім ЭФЕКТАМ?”.
Лінгвістычная мадэль Рамана Якабсона
Раман Якабсон у паслярэвалюцыйныя гады працаваў прафесарам Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута ў ЗША. У сваёй працы “Лінгвістыка і паэтыка” ён прадставіў маўленчую камунікацыю ў выглядзе шасці фактараў, кожнаму з якіх адпавядае асаблівая функцыя мовы.
Эматыўная (экспрэсіўная) функцыя звязана з адрасатам і мае на мэце выражэнне яго адносінаў да таго, што ён кажа. У мове, як правіла, адзін і той ж змест нават інтанацыйна мы можам аформіць так, каб было зразумела наша адабрэнне, асуджэнне і інш. Р. Якабсон прыводзіць прыклад, як акцёр тэатра ў якасці эксперымента прамаўляў фразу “Сёння ўвечары” з дапамогай сарака розных інтанацый. І, што самае важнае, гэтыя інтанацыі адназначна счытваліся аўдыторыяй.
Канататыўная функцыя адлюстроўвае арыентацыю на адрасата. Сюды трапляюць у ліку іншых такія формы маўленя, як клічны склон і загадны лад. Яна аказвае непасрэднае ўздзеянне на суразмоўцу.
Фатычная функцыя зарыентавана на кантакт, для яе важная не перадача інфармацыі, а падтрыманне кантакту. Гэта размовы пра надвор’е, размовы падчас святкавання дня нараджэння, дзе самым важным становіцца не навізна інфармацыі, а працэс падтрымання кантакту. Мы часта правяраем кантакт словамі “Ты слухаеш?”.
Метамоўная функцыя звязана з кодам: не ведаючы слова, мы можам спытаць пра яго значэнне і атрымаць адказ. Адказ можа быць дадзены апісальна, з дапамогай іншых слоў, а можа і проста з дапамогай паказу прадмета. У гэтым выпадку мова дазваляе набываць новыя веды, пашыраць слоўнікавы запас чалавека.
Паэтычная (эстэтычная) функцыя накіравана на паведамленне. Гэта цэнтральная функцыя слоўнага мастацтва, для якога характэрна большая ўвага да формы, чым да зместу паведамлення. Бытавая гаворка чалавека больш зарыентавана на змест, у той час як дзелавыя зносіны накіраваныя на стылістычнае афармленне маўлення.
Рэферэнтная (дэнататыўная, кагнітыўная) функцыя зарыентавана на кантэкст і ўяўляе сабой адсылку на аб’ект, пра які ідзе гаворка ў паведамленні. Даюцца больш падрабязныя звесткі аб прадмеце зносін.
Крэатыўная функцыя. Маўленне дазваляе выказацца пра рэчы, аддаленыя ў часе і прасторы, пра неіснуючыя прадметы. У выніку з’яўляюцца тэрміны, якія маюць абагульненае значэнне, узнікае магчымасць навуковай і паэтычнай творчасці.
Іншыя даследчыкі, якія замянілі назву функцыі паэтычнай на рытарычную, лічаць, што не можа быць, каб паведамленне стаяла ў шэрагу з іншымі фактарамі камунікатыўнага акта. Яны вызначаюць паведамленне як вынік узаемадзеяння пяці асноўных фактараў: адпраўніка і атрымальніка, якія ўваходзяць у кантакт з дапамогай кода з нагоды рэферэнта.
Р. Якабсон прапанаваў таксама свой аналіз знакаў, лічачы, што для зрокавых знакаў важнейшае прасторавае вымярэнне, а для слыхавых –часавае. Ён істотным чынам дапоўніў і развіў дзяленне знакаў на тыпы, прапанаванае Ч. Пірсам. Калі знакі ў Пірса – іконы, індэксы і сімвалы стаяць асобна адзін ад аднаго, то Якабсон лічыў, што ўсе знакі валодаюць агульнымі рысамі, адрозненне складаецца ў перавазе адной характарыстыкі над іншымі [31, с. 120].
Семіятычная мадэль Юрыя Лотмана
Юрый Лотман яшчэ пры жыцці заслужыў прызнанне сучаснікаў, а пасля яго смерці эстонскі прэзідэнт сказаў, што Эстонію ведаюць у свеце як краіну, дзе працаваў прафесар Лотман. Гэта звязана з тым, што практычна ўсе працы Ю. Лотмана перакладаліся і выдаваліся на розных мовах. Вучоны лічыў занадта абстрактнай мадэль камунікацыі, прапанаваную Р. Якабсонам, падкрэсліваючы, што ў рэчаіснасці ў моўцы і слухача не можа быць абсалютна аднолькавых кодаў, як не можа быць і аднолькавага аб’ёму памяці. Пры поўным падабенстве моўцы і слухача знікае патрэба ў камунікацыі наогул: ім няма пра што гаварыць. Адзінае, што застаецца, – перадаваць каманды. Гэта значыць, для камунікацыі першапачаткова патрабуецца неэквівалентнасць моўцы і слухача. Аб самой камунікацыі Ю. Лотман кажа як аб перакладзе тэксту з мовы майго “я” на мову твайго “ты”. Сама магчымасць такога перакладу абумоўлена тым, што коды абодвух удзельнікаў камунікацыі ўтвараюць перасякальныя мноствы. Даследчык кажа аб неадназначнасці як аб вызначальнай характарыстыцы мастацкага тэксту. Менавіта гэта характарыстыка робіць магчымым пастаянны зварот да літаратурнага тэксту, яго паўторнае чытанне, паколькі ў гэтым выпадку магчымым аказваецца атрыманне новых ведаў з ужо вядомага тэксту. Мастацкі твор характарызуе працэс стварэння новага погляду нават на стары і вядомы аб’ект.
Феномен чытання ўжо вядомага тэксту прыводзіць Ю. Лотмана да фармулёўкі двух магчымых тыпаў атрымання інфармацыі, якімі валодае індывід або калектыў. Адзін – атрыманне звонку. У гэтым выпадку інфармацыя выпрацоўваецца дзесьці звонку і ў канстантным аб’ёме перадаецца атрымальніку. Другі будуецца інакш: звонку атрымліваецца толькі пэўная частка інфармацыі, якая выступае ў ролі ўзбуджальніка, што выклікае ўзрастанне інфармацыі ўнутры свядомасці атрымальніка. Менавіта так чытаў чалавек мінулага, у якога магла быць толькі адна кніга, але чытанне якой усё роўна магло ўзбагачаць яго новым веданнем. Сучасны чалавек, чытаючы кнігу адну за адной, механічна “складвае” іх у памяці.
Асаблівую ўвагу Ю. Лотман надаваў культуры, якую разглядаў як генератар кодаў. Лічыў, што культура зацікаўлена ў мностве кодаў, што не можа быць культуры, пабудаванай на адным кодзе. Усе з’явы культуры тлумачацца ім як разнастайныя камунікатыўныя механізмы, як розныя мовы. Вызначэнне такой ролі культуры звязана ў яго з разглядам першасных і другасных мадэлюючых сістэм як аб’екта семіётыкі. Пад першаснай разумелася мова, а пад другаснымі – літаратура, тэатр, кіно, якія прымалі на сябе вялікую колькасць моўных характарыстык, паколькі грунтаваліся на мове. Ю. Лотман у цэлым заклаў асновы камунікатыўнага аналізу культуры, разглядаючы яе як камунікатыўны механізм.
Літаратурная мадэль Віктара Шклоўскага
Віктар Шклоўскі разам з шэрагам іншых даследчыкаў аналізаваў асаблівасці мастацтва. У аснову свайго ўяўлення аб рабоце мастацтва В. Шклоўскі кладзе паняцце “адхіленне” (рус. отстранение). Ім ён тлумачыць функцыю мастацтва, якое дазваляе з вядомага аб’екта рабіць новы, невядомы. На яго думку, мэта мастацтва – даць адчуванне рэчы як бачанне, а не як пазнаванне. Прыёмам мастацтва з’яўляецца прыём “адхілення” рэчаў і прыём ускладненай формы, які павялічвае цяжкасць і працягласць успрымання, таму што ўспрымальны працэс у мастацтве самамэтавы і павінен быць працягнуты. Пры ўзнікненні праблемы аўтаматызму ўспрымання мастацтва функцыянальна занята працэсамі
дэаўтаматызацыі ўспрымання.
Шклоўскі робіць акцэнт на моманце формы, у выніку атрымліваецца выказванне, роўнае літаратуры па ўздзеянні на свет. Асновай будовы мастацкага твора становіцца не імкненне да яго завяршэння, да канца, а ўсякага роду затрымкі і тармажэнні. Варыянтам такога запаволення дзеяння, напрыклад, з’яўляецца трохразовае паўтарэнне яго ў эпічных творах. Шклоўскі прапануе схемы (формулы), па якіх будуецца літаратурны твор. Так, апавяданні Артура Конан Дойла будуюцца, на яго думку, на аснове наступнай схемы:
- Чаканне, размова аб ранейшых справах, аналіз.
- З’яўленне кліента.
- Доказы, прыведзеныя ў аповедзе.
- Ватсан дае доказы няправільнага тлумачэння.
- Выезд на месца злачынства (часам будучага).
- Казённы шпік дае ілжывую разгадку.
- Інтэрвал запаўняецца разважаннямі Ватсана, які не разумее, у чым справа.
- Развязка галоўным чынам нечаканая.
- Аналіз фактаў, які ажыццяўляецца Шэрлакам Холмсам.
Шклоўскі задаў новыя крытэрыі аб’ектыўнасці ў літаратуразнаўстве, якія атрымалі далейшае развіццё найперш у заходнім літаратуразнаўстве [27, с. 22].
У сучасным грамадстве ўсё большае значэнне набывае іміджавая камунікацыя, паколькі імідж уяўляе сабой найбольш эфектыўны тып паведамлення, які рэалізуецца ва ўмовах дэфіцыту інфармацыі, адсутнасці часу, нават няўважлівасці суразмоўцы. Калі паглядзець на ступень уздзеяння фактараў, якія ўплываюць на прыняцце рашэння пра чалавека ў першыя дзесяць секунд, то найбольш важныя змястоўныя аспекты проста не паспяваюць уключыцца ў дзеянне. Зместу паведамлення чалавек надае 7 % увагі, голасу моўцы – 38 %, знешнасці – 55 %. Верагодна, адсюль і прымаўка “па адзежцы сустракаюць...”. Яе працяг “па розуме праводзяць” уступае ў дзеянне значна радзей. Гэта звязана таксама і з тым, што новыя каналы камунікацыі тыпу тэлебачання разлічаны якраз на першую частку гэтай прыказкі.
З нядаўніх часоў адбываецца змена тыпажу чалавека-мадэлі для грамадства. Калі раней гэта былі лідары вытворчасці, то сёння імі сталі лідары вольнага часу – акцёры, рэжысёры, спевакі. На экране тэлевізара, у Сеціве няма месца для агучаных думак, там пануе відовішчнасць. Дасягнуць відовішчнасці ў галіне агучвання думак вельмі і вельмі складана. Таму менавіта гэтую, найбольш эфектыўную мадэль уздзеяння (а на сёння ёю стала акцёрская) і ўзялі на ўзбраенне палітыкі. Цяпер задачай палітыка стала паказаць свой шарм, усміхнуцца самому і прымусіць засмяяцца гледачоў [3, с. 90].
Імідж дыктуе чалавеку патрабаванні канала, тым самым задаючы фармат найбольш эфектыўнага тыпу паведамлення. Гэта значыць выказванне максімальным чынам павінна адпавядаць як патрабаванням канала камунікацыі, так і патрабаванням аўдыторыі. Спалучэнне гэтых двух “пазітываў” і стварае імідж. Імідж цікавы яшчэ і тым, што ён уяўляе сабой камунікацыю з кантраляванай рэакцыяй насельніцтва. Іміджмэйкер заняты тым, што спараджае паведамленні, дакладна ведаючы, якой будзе на іх рэакцыя насельніцтва. Элемент выпадковасці тут рэзка зніжаецца. Адпаведна і кантроль такіх паведамленняў на ступень іх дакладнасці менш магчымы. Аўдыторыя ўспрымае іх такімі, якімі яны былі задуманы.
Увесь працэс камунікацыі з масавай свядомасцю становіцца больш тэхналагічным: на паток пастаўленыя паведамленні, якія будуць абыходзіць абарону аўдыторыі. Менавіта гэты аспект вельмі важны, паколькі эфектыўнасць часта вымяраецца колькасцю паведамленняў, якія “стрэлілі”, але значнымі з’яўляюцца толькі тыя з іх, якія патрапілі ў цэль [27, с. 36].